Гісторыя – LIONS CLUB BELARUS
  • 1917 год — у Чыкага (ЗША) нарадзілася Міжнародная Асацыяцыя Лайанз Клубаў (The International Association of Lions Clubs). Яе заснавальнік, Мэлвін Джонс — прэзідэнт адной са страхавых кампаній, пераканаў сваіх калег па дзелавому клубу аб’яднацца з іншымі клубамі і стварыць агульнанацыянальную арганізацыю. Задачамі гэтай арганізацыі сталі не толькі развіццё дзелавой і грамадскай дзейнасці, але і ўдасканаленне ўсяго грамадства. І менавіта Мэлвін Джонс прыдумаў «белы кій» для невідушчых, якім сёння карыстаюцца ва ўсім свеце.
  • У 1945 годзе Асацыяцыя Лайанз Клубаў актыўна ўдзельнічала ў падрыхтоўцы ўстаноўчых дакументаў і канферэнцыі па стварэнні ААН.
  • А з 1948 года Асацыяцыя ўваходзіць ва ўсе ключавыя структуры ААН, такія як UNESCO, UNICEF.
  • З 1982 года Lions Clubs праводзяць акцыі супраць наркаманіі і алкагалізму, а таксама за фізічны і маральны лад жыцця.

На сённяшні дзень Асацыяцыя — гэта дабрачынная арганізацыя, дэвіз якой «We serve»«Мы служым». Сапраўды, галоўная задача Lions Клубаў — служэнне грамадству. Праграмы дапамогі глухім, невідушчым людзям, адзінокім і бяздольным старым, дзецям, якія сутыкнуліся з галечай і адзінотай, прынятыя яшчэ пры станаленні Lions руху, актуальны і сёння. У свеце працуюць прытулкі, бальніцы, якім дапамагаюць ці пабудавалі на асабістыя сродкі Lions Клубы. Усе, хто мае праблемы са здароўем, адзінокі, хто пацярпеў ад стыхійных бедстваў ці сагнуўся пад ударамі лёсу, тыя, каму патрэбны клопат і ўвага, знойдуць у Lions Клубах дапамогу і падтрымку.

Такое кароткае апісанне гісторыі стварэння і характару дзейнасці Міжнароднай Асацыяцыі Лайанз Клубаў наўрад ці можа поўна расказаць пра рух Ільвоў, які існуе ўжо больш за 100 гадоў. Але галоўны прынцып дзейнасці Асацыяцыі — прыцягваць людзей да вырашэння праблемаў навакольнага асяроддзя, ужо заслугоўвае пашану і ўвагу.

Рэспубліканскае дабрачыннае грамадскае аб’яднанне «КЛУБ ЛЬВОЎ»

21 чэрвеня 2004 года Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь зарэгістравала Рэспубліканскае дабрачыннае грамадскае аб’яднанне «КЛУБ ЛЬВОЎ». Але гісторыя стварэння «КЛУБА ЛЬВОЎ» у РБ пачалася задоўга да моманту рэгістрацыі РДГА «КЛУБ ЛЬВОЎ».

Першыя Львы ў Рэспубліцы Беларусь з’явіліся ў 1992 годзе ў г. Клімавічы Магілёўскай вобласці. На свята адкрыцця першага «КЛУБА ЛЬВОЎ» у Беларусі прыехала дэлегацыя з Каралеўства Нарвегія. З той пары нарвежскія Львы — галоўныя партнёры Львоў Беларусі.

Членамі першага Lions Club Беларусі сталі людзі розных прафесій: настаўнікі і дактары, кіраўнікі і рабочыя, бізнесмэны і супрацоўнікі ўстановы сацыяльнай аховы. Іх аб’яднала жаданне дапамагчы роднаму гораду і яго жыхарам, добраахвотна і бясплатна выканаць няхай і сціплыя, але канкрэтныя справы для людзей, сярод якіх яны жывуць і працуюць.

Праз некаторы час дух і традыцыі першага Lions Club сталі прыкладам для ўтварэння Клубаў у Мінску, Круглым, Касцюковічах, Чавусах, Маладзечне, Светлагорску, Гомелі і Магілёве.

Больш за 10 гадоў Клубы ў Беларусі не былі аб’яднаныя ў рэспубліканскую арганізацыю, а дзейнічалі самастойна. Аднак аздіныя мэты і задачы, патрэба кожнага з членаў служыць грамадству, стварылі неабходныя перадумовы для арганізацыі і рэгістрацыі Рэспубліканскага дабрачыннага грамадскага аб’яднання «КЛУБ ЛЬВОЎ».

Контакт