Стары двухпавярховік, што дажываў апошнія дні, ператварыўся ў мадэрновы будынак з часткова шклянымі сценамі, трыма паверхамі і выхадам на летнюю тэрасу. На рэалізацыю праекта спатрэбілася 14 гадоў. І цяпер будынак перададзены Мінскаму гарадскому цэнтру сацыяльнага абслугоўвання сям’і і дзяцей.
Урачыстае адкрыццё сямейнага цэнтра і песенна-танцавальныя віншаванні.
Сямейны цэнтр, як ласкава пачалі называць яго ўсе, хто меў дачыненне да праекта, — вынік сумеснай работы рэспубліканскага дабрачыннага грамадскага аб’яднання (РДГА) «Клуб ільвоў», спонсарскіх Лайанз-клубаў каралеўстваў Нарвегіі, Даніі, Швецыі, рэспублік Ісландыі і Фінляндыі пры актыўным удзеле Цэнтра і камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама.
— Работа тут будзе перш за ўсё скіравана на дзяцей і тых мінчан, якім спатрэбіцца падтрымка. Думаю, што нашы намаганні і дапамога замежных сяброў праявяцца і ў іншых сумесных праектах, — выказала надзею Жанна РАМАНОВІЧ, старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама падчас урачыстага адкрыцця.
— Стварэнне новага будынка сямейнага цэнтра — гэта сапраўды знакавая з’ява. Аказанне дапамогі і падтрымкі сем’ям у нашай дзяржаве — гэта будучыя сур’ёзныя дывідэнды, бо моцная і здаровая сям’я — гэта паспяховая сям’я, дзе кожны можа раскрыць свае творчыя магчымасці, — выказаўся Вячаслаў ШЧЭРБА, старшыня РДГА «Клуб ільвоў» (LC «Mіnsk-Central»), паабяцаўшы далейшую міжнародную падтрымку з боку клубаў ільвоў.
Каб справай падтрымаць абяцанне не пакідаць рэалізаваны праект, прадстаўнікі міжнародных клубаў ільвоў, або як яны самі называюць сябе — сям’і Лайанз, пасадзілі каля агароджы сямейнага цэнтра алею Клуба ільвоў.
— Гэта вельмі важны праект, значны і адметны будынак, выдатны прыклад таго, як аб’ядналіся валанцёры, афіцыйныя ўлады, неабыякавыя людзі з многіх краін. Ён, спадзяюся, будзе доўгія гады прыносіць карысць беларускім сем’ям, — выказалася Гудрун ІНГВАДОЦЦІР, другі міжнародны віцэ-прэзідэнт «Лайанз Клабс Інтэрнэшнл».
У хуткім часе ў сямейны цэнтр давязецца абсталяванне і мэбля і распачнецца паўнавартасная работа. Пакуль жа тут дзейнічаюць толькі некалькі гурткоў. У тым ліку гурток «Крэатыўны малеча», дзе мамы сумесна з дзецьмі займаюцца арт-тэрапіяй. «У нас няма катэгорый і адзнак, няма шаблонаў работы. Дзіця можа выразіць сябе, і наша задача, каб маці ўбачыла моцныя бакі малога, яго патэнцыял», — расказалі супрацоўнікі цэнтра.
Кацярына МАЛЬЦАВА і Гудрун ІНГВАДОЦЦІР у пакоі аргатэрапіі.
Адна з паслуг цэнтра — кансультаванне па прафесійнай арыентацыі. Тут можна вызначыцца, кім стаць, прайшоўшы тэсціраванне на спецыяльнай праграме і атрымаўшы прафесіяграмы, а таксама прайсці прафдыягностыку на спецыяльныя здольнасці. Падлеткі могуць прыйсці сюды з бацькамі, а псіхолаг дасць пэўныя рэкамендацыі. «Людзі больш сталага ўзросту таксама могуць наведаць нас, каб вызначыцца з хобі», — дадала спецыяліст цэнтра.
— У нас таксама будзе рэалізавана такая запатрабаваная паслуга, як «нянька на гадзіну». Сярод дзяржаўных устаноў мы першыя зможам цяпер паўнавартасна аказваць яе, — расказала Кацярына МАЛЬЦАВА, дырэктар Мінскага гарадскога цэнтра сацыяльнага абслугоўвання сям’і і дзяцей. — Здараецца, што маці проста няма з кім пакінуць дзіця, калі ёй неабходна адысці па сваіх справах, нават у тую ж паліклініку. З нашай дапамогай яна зможа атрымаць да трох вольных гадзін, падчас якіх з малым будзе працаваць спецыяліст. Час, праведзены з нянькай, разлічаны не толькі на гульню, але і на работу з псіхолагам і, па жаданні мамы, на дыягностыку дзіцяці.
Для паслугі «нянька на гадзіну» абсталяваны два пакоі для малых 2-4 гадоў і 4-6-гадовых малых. Паслуга каштуе 6,6 рубля за гадзіну. Дзіця павінна быць накормленае (харчаванне тут не прадугледжана) і не хацець спаць.
У зоне рэлаксацыі на другім паверсе цэнтра за шклом арганізаваны вадаспадзік і хутка з’явіцца экран з магчымасцю 3D-трансляцыі.
Прадугледжаны ў цэнтры і пакой для бацькоў, якія выхоўваюць дзіця-інваліда. Часта ў такіх выпадках сем’і распадаюцца, таму ў кабінеце эргатэрапіі з імі будуць працаваць псіхолагі, каб прадухіліць гэта. Дзеці таксама змогуць правесці тут час у адным з чатырох пакояў.
З калідора трэцяга паверха можна трапіць на адкрытую тэрасу, дзе з часам усталююць утульныя лаўкі і арганізуюць зялёны сад. Ад гасцей прагучала нават ідэя арганізоўваць тут шашлыкі. Пэўна, што сямейны цэнтр чакае яшчэ шмат новаўвядзенняў і пачынанняў.