Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы прадстаўнікі ТАТА-ШКОЛЫ разам з прадстаўнікамі амбасады Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь наведалі Гродна. Мерапрыемства «Шведская сямейная вечарына» прайшло ў гродзенскай абласной бібліятэцы, і невыпадкова на беларускай мове, так мы вырашылі адзначыць свята.
Выставу шведскага фотамастака Юхана Бэўмана «Шведскія таты» ўжо пабачылі жыхары Мінска, Гомеля, а цяпер з ёй пазнаёміліся і гродзенцы. Фотавыстава мела ў свеце вялікі рэзананс і нават была выдадзена асобнай кнігай на англійскай мове, яна была адзначана шматлікімі вядомымі ўзнагародамі ў серыі фатаграфіі (World Press Photo, UNICEF Photography award і іншымі).
На сустрэчы пасол Швецыі Крысціна Юханесан расказала пра адпачынак па догляду за дзіцём для татаў у Швецыі, як складвалася сітуацыя ў іх, і колькі часу спатрэбілася, каб мужчыны гэта прынялі. Яе муж, пакуль яна працавала, дарэчы, таксама пабываў у такім адпачынку. Пра заканадаўства Швецыі ў гэтай галіне выказаўся і намеснік пасла Петэр Мёлер, а таксама ён прывёў крыху статыстыкі.
Швецыя — першая ў свеце краіна, дзе ў 1974 годзе замянілі мацярынскі адпачынак па догляду за дзіцем на бацькоўскі. Праз больш чым 40 гадоў таты сталі выкарыстоўваць прыкладна 25% ад агульнай колькасці дзён, магчымай для абодвух бацькоў. Калі бацькоўскі адпачынак будзе расці з той жа хуткасцю, як гэта было да гэтага часу на працягу XXI стагоддзя, выкарыстанне адпачынку па догляду за дзіцём татамі стане ў Швецыі роўным з мацярынскім ужо да 2040 года.
На працягу сустрэчы беларускія і шведскія таты абменьваліся вопытам, сваімі поглядадамі на выхаванне дзяцей, прыводзілі прыклады з жыцця, як свядомае бацькоўства ўплывае на гарманічныя адносіны ў сям’і. Хочацца заўважыць, што ТАТА-ШКОЛА выклікала цікавасць у гродзенцаў. Мы правялі майстар-клас, у часе якога бліжэй пазнаемілі ўдзельнікаў сустрэчы з Праектам. У выніку ў нас атрымалася шчырая, душэўная размова.
Арганізатары сустрэчы паклапаціліся, каб цікава было ўсім удзельнікам: і бацькам, і іх дзецям. Пакуль дарослыя разважалі на сур’ёзныя тэмы, абмяркоўвалі ролю таты ў сям’і ў Швецыі і ў Беларусі, у суседнім памяшканні дзеці паглядзелі спектакль аб абыходжанні з адкідамі «Нясмеццевая гісторыя».