«Што рабіць, калі 16-гадовы хлопец хлусіць бацькам?» — «А вы заўжды сваім бацькам гаворыце праўду, нават цяпер, калі сталі дарослымі?». «Як не страціць давер падлетка?» — «Трэба рыхтавацца да магчымых канфліктаў загадзя, бо ўзрост такі». «Чаму дачка наўмысна прычыняе сабе фізічны боль?» — «Яна так перажывае моцныя эмоцыі, пра якія не адважваецца пагаварыць».
Кароткія пытанні і адказы, якія нагадваюць бліц-апытанку, — гэта пачатак сустрэчы з кандыдатам псіхалагічных навук Надзеяй ЦЫРКУН, якую ў межах праекта «Тата-школа» зладзіла аб’яднанне «Клуб ільвоў» у Мінскім цэнтры тэрытарыяльнага абслугоўвання сям’і і дзяцей.
Слухай — і знойдзеш рашэнне
На пачатку дзеі псіхолаг задае кожнаму пытанне: якую мэту ён пераследуе, прыйшоўшы сюды, і чаго чакае. Праз адказы прысутных Надзея Аляксандраўна не толькі атрымлівае ўяўленне аб тым, што найбольш хвалюе ўдзельнікаў, але і паспявае коратка пракаментаваць сітуацыю, калі чалавек прыходзіць на сустрэчу з надзеяй атрымаць рашэнне праблем сваёй сям’і.
— Разумнае і каштоўнае вы будзеце ствараць самі, не я вам данясу светлую думку, якая дапаможа, — адказвае на такія спадзяванні псіхолаг.
Як кажа адзін з арганізатараў мерапрыемства Міхаіл МАЦКЕВІЧ, на такіх інтэрактыўных лекцыях нават неабавязкова задаваць пытанні:
— Дастаткова паслухаць размовы і выканаць заданне псіхолага — і адказ, што вам рабіць, часта прыходзіць сам сабой.
Гэтым разам збіраліся пагаварыць аб узаемаадносінах у сям’і. Аднак праз выказванні ўдзельнікаў высветлілася, што многія «пераводзяць» названую тэму ў зону канфліктаў і ў кожнага ёсць свой негатыўны досвед.
Пасля знаёмства прысутныя аб’ядналіся ў групы па некалькі чалавек. Пяццю словамі кожная суполка азначыла, што такое ў іх уяўленні сям’я. У цэлым атрымалася, што гэта любоў, клопат, адказнасць, шчасце, сумесна праведзены час і іншыя светлыя паняцці.
— А ці вытрымаюць гэтыя пачуцці, якія склаліся ў такую прыгожую карціну, праверку жыццём і праблемамі? — пацікавілася псіхолаг. — Усё было б добра, калі б… не жыццё.
Крыху пазней спікер пакажа ўдзельнікам, як яны памыляліся, малюючы ў сваіх праектах сямейнае жыццё, якое грунтуецца адно толькі на традыцыйных і правільных каштоўнасцях. Такі падыход паказвае абмежаванасць прысутных ва ўяўленнях пра бацькоўства і сям’ю. Насамрэч у сям’і павінна быць не толькі светлае і шчаслівае, але і абавязковае, а бацькоўства павінна быць не толькі высокамаральным, але і прагматычным.
Памыліцца і паразумнець
Наступным разам Надзея Аляксандраўна раздае прысутным кейс з «гісторыяй сям’і». Мама, тата, дачка і сын жывуць у доме за горадам. На паўналецце старэйшы атрымлівае ў падарунак кватэру, вучыцца ў інстытуце. Але праз нейкі час даход сям’і змяншаецца, і кватэра часова становіцца сродкам атрымання грошай, а не пражывання сына. Тут надыходзіць паўналецце сястры. Набыць жыллё для яе сродкаў не хапае. Пакрыўджанае дзіця не дае жыцця родным. Бацька гатовы прадаць загарадны дом, дзе яны жывуць, каб і ў малодшай быў уласны куток. Аднак маці катэгарычна супраць. Што рабіць, дзе рашэнне?
— Вы можаце прымяніць названыя вамі асацыяцыі з бацькоўствам да гэтай сітуацыі, — прапануе Надзея Цыркун. — Вось і паглядзім, ці вытрымаюць вашы ідэі праверку жыццём.
Адназначнага і дакладнага рашэння гэтага канфлікту не існуе, прынамсі, так падалося прысутным. Затое ёсць магчымасць паразважаць, у чым паратунак, хто вінаваты, што так адбылося, каму і чым трэба ахвяраваць, дзе памыліліся бацькі… Апошняе — гэта аксіёма: бацькі таксама памыляюцца, але прызнаюць гэта, як правіла, позна.
— Так што ў нашы ўяўленні аб сям’і можна дапісаць словы «мудрасць» і «разважлівасць». Увогуле, пасля ўмяшання жыцця людзі рэзка разумнеюць, праўда, заднім розумам, — каментуе псіхолаг.
Дзеці сёння разбэшчаныя, бо лічаць, што бацькі ім вінны, таму рэакцыя дзяўчыны зразумелая. «І ўвогуле, на што спадзяваліся бацькі?» — абураюцца ўдзельнікі сустрэчы.
— А на што спадзяваліся вы, калі апісвалі сям’ю? — тут жа пытаецца Надзея Аляксандраўна і тлумачыць. — Ніхто з вас не закрануў пытанне, што існуюць правы і абавязкі і бацькоў, і дзяцей. Павінна існаваць зваротная сувязь ад дзяцей да бацькоў. А ў нашай гісторыі бацькі не навучылі дзяцей абавязкам. Увогуле, зразумець, ці добры ты бацька, можна менавіта па гэтай зваротнай сувязі — як дзіця пачне паводзіць сябе ў дачыненні да цябе. Калі сувязь існуе, яе трэба захоўваць, бо спачатку дзіця за табой бегае, увагі шукае, а пасля вы за ім.
А вы — хто?
— Пяць слоў пра сям’ю, з якіх мы пачыналі сустрэчу, — гэта наша першая рэакцыя, нашы пачуцці. Упісваючы іх пасля ў жыццёвую сітуацыю, вы зразумелі, што такія ўяўленні нежыццяздольныя. Аднак гэта не азначае, што мы не мелі рацыі. Давайце вывучым сябе, каб зразумець, да якіх рашэнняў мы больш схільныя, — прапануе псіхолаг і раздае лісткі для праходжання асобаснага тэста.
Яго мэта — дапамагчы прысутным вызначыць, да якога з сямі тыпаў людзей яны адносяцца. (Кіруючыся разуменнем, што сабой уяўляе той ці іншы тып, можна пэўным чынам выхаваць сябе, каб не наламаць дроў у нейкай сітуацыі.)
Пачынаецца разгляд варыянтаў. Генафільны — тып, прадстаўнікі якога выступаюць за каштоўнасці сям’і і захоўваюць генафонд роду. Альтруістычны — яго носьбіты захоўваюць маральныя пачуцці, аднак у прымяненні да бацькоўства ім прыйдзецца абмяжоўваць любоў да знешняга свету і скіроўваць яе ў сям’ю. Гэтыя варыянты прысутныя ацанілі.
А вось эгафільны (асцярожны, здаецца нясмелым, не любіць боль, захоўвае генафонд), даследчыцкі (эксперыментатар і аматар правяраць гіпотэзы), дамінантны (робіць справу для народа), лібертафільны (парушае сувязі, арыентуецца на ўвесь свет, мае схільнасць да пратэсту) і дыгнітафільны (базіруецца на паняццях гонару, годнасці, гордасці) тыпы прысутным не спадабаліся.
Цяпер час падвесці вынікі і зрабіць высновы. Калі вы не адносіцеся да генафільнага тыпу, то выхоўвайце ў сабе гэтыя якасці. Хоць бы па паўгадзіны ў дзень гуляйце з дзіцем, гаварыце з ім — тады кантакт не знікне і сувязь захаваецца на ўсё жыццё. Амаль усе прысутныя пагадзіліся, што простая думка пра зваротную сувязь з малым — бадай што, самае галоўнае з атрыманага ад сустрэчы, і з дапамогай гэтага можна вырашыць мноства праблем.