Студэнтка Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта Дар’я Шлычкова і студэнт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Максім Секач нядаўна наведлі Нарвегію. Трапілі яны туды па накіраванні грамадскай дабрачыннай арганізацыі Lions Club «Svetlogorsk» пасля перамогі ў алімпіядзе па англійскай мове. І Дар’я, і Максім удзячныя Клубам Львоў з Светлагорска і Нарвегіі за магчымасць паўдзельнічаць у міжнародным лагеры.
— У Нарвегіі мне вельмі спадабалася, — расказвае Максім Секач. — Там жывуць вясёлыя і добразычлівыя людзі. Я жыў у населеным пункце Ванген, дзе размяшчаўся моладзевы лагер. Гэта ў некалькіх кіламетрах ад сталіцы Нарвегіі Осла. Пазней мы пабывалі там з экскурсіяй. У лагеры было шмат моладзі з розных краін свету. Было вельмі цікава паразмаўляць з прадстаўнікамі розных культур і традыцый. Мы хадзілі ў горы, спявалі, гатавалі стравы сваіх краін, а калі настаў час развітвацца, разам прыдумалі песню, у якую кожны ўставіў па некалькі слоў, і праспявалі яе. У Нарвегіі было шмат цікавага, але больш за ўсё мяне ўразілі горы. У апошні дзень знаходжання ў лагеры я зрабіў дранікі, і яны атрымаліся выдатныя. Звычайна наадварот, а ў гэты дзень — як па замове. Я не падвёў сваю краіну.
— У Нарвегію я трапіла таксама дзякуючы Клубу Львоў «Светлогорск», — расказвае Дар’я Шлычкова.
— Калі самалёт прызямліўся ў нарвежскім горадзе Ставангер, мяне сустрэлі члены нарвежскага клуба. У лагеры было шмат моладзі з розных краін. Большасць з іх думалі, што Беларусь — горад у Расіі, пагэтаму я мусіла ім усё растлумачыць. Мне вельмі спадабалася катацца на каноэ і яхце. Мы наведалі рыбныя фермы, хадзілі ў горы, а потым ладзілі вечарыны.
Нам вельмі спадабалася. Мы паднялі ўзровень ангійскай мовы, і ў нас з’явілася шмат сяброў з розных краін, мы ўбачылі свет, даведаліся, як жывуць іншыя людзі.