Адкрыццё аудыялагічнай лабараторыі для абследвання слыху і карэкцыі мовы LC г. Маладзечна і Lions Клубаў з Германіі.
У 1999 годзе ў Маладзечненскай гарадской дзіцячай бальніцы (МГДБ) быў адкрыты першы ў Беларусі аудыялагічны цэнтр для абследвання дзяцей са слабым слыхам г. Маладзечна і прылеглых раёнаў. Адкрыццё цэнтру адбылося дзякуючы дабрачыннай падтрымцы LC г.Донаўверта (Германія) і супрацоўніцтву нямецкіх медыкаў-слыхапратэзістаў.
Першым этапам стварэння аудыёлагічнага цэнтра было адкрыццё аудыёлагічнага кабінета ў МГДБ, дзе з дапамогай нямецкіх спецыялістаў быў усталяваны аудыёметр. Магчымасці аудыёметра дазваляюць праводзіць даследванне паветранай, касцявой праводнасці ў свабодным полі, надпарогавую, моўную, гульнявую аудыёметрыю.
Акрамя таго, у жніўні 1999 г. спецыялісты з Германіі даставілі і ўсталявалі лабараторыю па вырабу індывідуальных укладак.
Своечасоваму адкрыццю і функцыянаванню лабараторыі паспрыяў Дэпартамент па гуманітарнай дапамозе пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
У дадзенай лабараторыі — найноўшае абсталяванне, і яна мае магчымасці для вырабу розных відаў укладак да слыхавых апаратаў.
Развіццю аудыялагічнага цэнтра таксама спрыяла цеснае супрацоўніцтва з Сумесным беларуска-венгерскім прадпрыемствам «Сурдасервіс» (г.Мінск), якое аказвае паслугі людзям з парушэннем слыху. Праграмісты гэтага прадпрыемства распрацавалі праграму па навучанню і карэкцыі мовы глухіх дзяцей і дзяцей са слабым слыхам, а таксама зрабілі індывідуальны камп’ютэрны слыхамоўны комплекс «Камунікацыя».
У красавіку-маі 2000г. дадзены комплекс быў закуплены Маладзечненскай ГДБ, і абсталяваны кабінет карэкцыі мовы. Сродкі на пакупку праграмы былі сабраны на дабрачынным аўкцыёне ў Германіі.
На працягу ўсёй дзейнасці ў аудыёлагічны цэнтр паступае сучаснае абсталяванне, з дапамогай якога стала магчымым дыягнаставаць усе парушэнні слыху ў пацыентаў любога ўзросту.
На сённяшні дзень кваліфікаванай дапамогай, дыягностыкай і лячэннем на базе эфектыўнага сучаснага абталявання могуць карыстацца дзеці і дарослыя з усіх рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь.
Відэапрэзентацыя праекта