Праект «ТАТА-ШКОЛА» ўжо даўно выйшаў за межы Мінска і Мінскай вобласці. Мы правялі навучальныя семінары і падрыхтавалі мадэратараў у Брэсцкай, Гомельскай, Магілёўскай і Віцебскай абласцях. Там праект паспяхова працуе і развіваецца. На чарзе была Гродзенская вобласць, але пандэмія ўнесла свае карэктывы. І толькі зараз у нас атрымалася правесці інфармацыйна-навучальны семінар у Ваўкавыску.
24-26 верасня ў горадзе Ваўкавыск прайшоў інфармацыйна-навучальны семінар па стварэнні сістэмы «ТАТА-ШКОЛ». Семінар наведалі прадстаўнікі Бераставіцкага, Ваўкавыскага, Вараноўскага, Зельвенскага, Іўеўскага, Карэлічскага, Мастоўскага, Навагрудскага, Астравецкага, Ашмянскага, Свіслачскага, Смаргонскага, Шчучынскага, Гродзенскага раёнаў і гарадоў Ваўкавыск і Гродна.
У першы дзень мы пазнаёмілі ўдельнікаў семінара з праектам «ТАТА-ШКОЛА», распавялі пра яго прадстаўнікам сістэмы сацыяльнай абароны і проста татам, падзяліліся вопытам і вынікамі яго рэалізацыі ў г. Мінску і іншых гарадах Беларусі ў 2013-2020гг.. Другі і трэці дні складаліся з практыкі для жадаючых стаць мадэратарамі праекта «ТАТА-ШКОЛА». Мы разабралі, як працуюць групы, ролю мадэратара, падзяліліся вопытам правядзення груп, правялі падрыхтоўку і навучанне вядучых групавых заняткаў для маладых тат. Мы задаволеныя тым, што праект выклікаў цікавасць і жаданне ў ім удзельнічаць. Чакаем першыя групы на Гродзеншчыне.