Сапраўднае футбольнае свята «Татаў дзень футбол style» прайшло 5 верасня на тэрыторыі загараднага комплекса «Веста». Вялікая колькасць сем’яў прыехала, каб разам правесці выхадны дзень і актыўна паўдзельнічаць у спартыўным мерапрыемстве.
Пачалося свята з выступу фрыстайлістаў, яны паказалі сапраўдныя цуды валодання мячом і сарвалі авацыі. Потым — размінка і сам футбол. Таварыскія футбольныя матчы праходзілі практычна ў рэжыме нон-стоп: дзеці і бацькі дзяліліся на каманды, давалі ім гучныя назвы і разам змагаліся за перамогу. А ў гэты час мамы з сястрычкамі, спасцігшы асновы чэрлідынгу, танцавалі і заўзелі за сваіх футбалістаў.
Футбол, фрыстайл, конкурсы і падарункі ўдзельнікам, а таксама ўсмешкі і шчырыя эмоцыі — гэта тое, чым запомнілася свята.
Таты бавілі час разам са сваімі дзяцьмі, паказалі на асабістым прыкладзе важнасць здаровага ладу жыцця і заняткаў спортам. Такія мерапрыемствы дапамагаюць рабіць адносіны паміж бацькамі і дзяцьмі больш моцнымі і давяральнымі.
Свята адбылося дзякуючы РДГА «КЛУБ ЛЬВОЎ», пры супрацоўніцтве з футбольнымі клубамі «Дынама Мінск» і «Арсенал» Дзяржынск.